НЕ - ВАЙНЕ!
227

Аліна Коўшык: «Такія прапановы можна атрымаць хіба што раз у жыцьці, а я не люблю губляць шанцы»

21.09.2022 Крыніца: Дзьмітры Гурневіч, Радыё Свабода

У інтэрвію «Радыё Свабода» былая вядоўца «Белсату» Аліна Коўшык расказала, чаму пагадзілася далучыцца да «пераходнага ўраду», што мае намер рабіць на новай пасадзе, як разумее нацыянальнае адраджэньне і ці ёсьць сэксізм у Аб’яднаным кабінэце.

Аліна Коўшык нарадзілася і вырасла ў Горадні, скончыла гістарычны факультэт Горадзенскага ўнівэрсытэту. Падчас вучобы яна цікавілася пытаньнем нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў, з гэтым была зьвязаная і тэма дыплёмнай працы — адукацыя ўніяцкага ордэну базыльянаў, якія выдавалі кніжкі па-беларуску. Зразумеўшы, што ня зможа абараніцца па гэтай тэме ў Беларусі, Коўшык паступіла ў Варшаўскі ўнівэрсытэт, дзе вывучала паліталёгію і працягнула адукацыю ў дактарантуры Польскай акадэміі навук.

Але абараніць доктарскую дысэртацыю не пасьпела, бо пачала працаваць на тэлеканале «Белсат». На канале яна працавала зь першага дня, агулам 15 гадоў, таму рашэньне разьвітацца з гэтай працай, як кажа Коўшык, ня было лёгкім.

«У мяне было сталае жыцьцё са зразумелым графікам, са зразумелым заробкам, з паездкамі, з пэўным статусам. Я думала, сумнявалася, прызнаюся шчыра. Але, зь іншага боку, я разумела, што гэта абсалютна ўнікальная прапанова. Такія прапановы можна атрымаць хіба што раз у жыцьці. А я не люблю губляць шанцы. Я перакананая, што зараз мы перажываем абсалютна ўнікальны пэрыяд у гісторыі Беларусі. І ўсе нашыя ўменьні, досьвед мы мусім выкарыстаць, каб зьмяніць сытуацыю. Таму я прыняла гэтае рашэньне і адчуваю ўнутры гармонію і палёгку. Я шчыра веру, што акурат нацыянальнае адраджэньне — вельмі істотная справа, і цешуся, што гэтая пасада зьявілася ў Аб’яднаным пераходным кабінэце», — кажа Аліна Коўшык.

Яна дадае, што праца на гэтай пасадзе не азначае наяўнасьці ўласнага офіса, сакратаркі і каманды. Аліна Коўшык ствараць каманду і шукаець людзей, якія будуць ёй дапамагаць. Яна прапануе зацікаўленым асобам, якія хочуць паспрабаваць сябе ў гэтай працы, пісаць ёй.

Чым у кабінэце будзе займацца Коўшык? Яна абяцае выкарыстоўваць усе палітычныя магчымасьці дзеля таго, каб падтрымліваць беларускую нацыянальную культуру, адукацыю на беларускай мове.

«Я буду своеасаблівай сьпінаю для нашых ініцыятываў, зь якімі я зараз усталёўваю больш шчыльныя кантакты. Мая галоўная задача — згуртаваць тых людзей, якія займаюцца нацыянальным адраджэньнем. Мы мусім працаваць над узмацненьнем беларускай ідэнтычнасьці, рабіць праекты зь іншымі краінамі. Хоць я ня буду займацца краўдфандынгам, да мяне можна будзе зьвяртацца. Калі ёсьць, напрыклад, ініцыятыва, якая агучвае беларускія кнігі, можа будзе магчымасьць знайсьці ім партнэра за мяжой або кагосьці, хто дапаможа. Тут трэба выпрацаваць нейкую сыстэму, але патрэбен час, каб усё гэта сыстэматызаваць».

Апрача таго, новая прадстаўніца кабінэту паспрабуе стварыць рабочыя групы па рэформах адукацыі, культуры, дзяржаўных СМІ.

Што ўваходзіць у паняцьце «нацыянальнае адраджэньне»? Паводле прадстаўніцы Кабінэту, гэта культура, адукацыя, гістарычная памяць, дэсаветызацыя, дэкамунізацыя, праца па аднаўленьні беларускай геральдыкі, праца зь беларускай дыяспарай. І, вядома ж, адраджэньне беларускай мовы.

«Беларусь павінна быць беларускай, але прымушаць размаўляць па-беларуску я ня буду. Я буду даваць прыклад, што гэта можна рабіць, што гэта варта рабіць. Людзі, якія віншавалі мяне з абраньнем на гэтую пасаду, усе камэнтары пісалі па-беларуску. Ніхто іх не прымушаў, але яны шчыра напісалі па-беларуску. Беларусі патрэбнае адраджэньне беларускай мовы, але яно павінна быць паступовым. Прыклад Украіны, тое, што там адбываецца, яскрава сьведчыць аб тым, што захаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці раўняецца захаваньню нацыянальнай незалежнасьці. Але нічога ня будзе гвалтоўным. Калі Кабінэт і Сьвятлана Ціханоўская будуць паказваць, што беларуская мова — гэта наша будучыня, то і людзі пераканаюцца ў гэтым. Ёсьць шмат краінаў, якія паказваюць, што мову можна адрадзіць. Трэба проста выбраць палітыку, стратэгію. Гэта наш шлях».

Коўшык стала трэцяй жанчынай у кабінэце, пасьля Сьвятланы Ціханоўскай і Тацяны Зарэцкай, прадстаўніцы па эканоміцы і фінансах. Яна кажа, што ніколі б не далучалася да каманды, дзе не адчувала б сябе на роўных зь іншымі.

«Я адчула вельмі прыязнае стаўленьне і не адчула ніякага сэксізму з боку маіх калегаў. Шчыры дзякуй за гэта, бо такое, на жаль, часта можна адчуць у нашым палітычным асяродзьдзі. Я думаю, што мы будзем праводзіць з маімі каляжанкамі працу па іх адукоўваньні ў добрым сэнсе. Але на паседжаньні я адчувала сябе прыязна і мела магчымасьць выказвацца і ўплываць на парадак дня. Я люблю рызыкаваць, люблю невядомае. Дарэчы, калі ствараўся Белсат, гэта было амаль 16 гадоў таму, гэтае рашэньне таксама не было лёгкім, бо мы не разумелі, што атрымаецца зь Белсату, наколькі моцным будзе перасьлед і што з намі будзе. Час паказаў, што мы былі абсалютна на слушным шляху. І зараз я перакананая, што гэта абсалютна слушны шлях», — кажа Аліна Коўшык.

Чытайце яшчэ:

«Мастакі і дызайнеры нейкі час працавалі з бомбасховішчаў»: як станавілася на крылле медыя «Сойка»

Як беларускія дзяржслужачыя скуплялі кватэры ў Балгарыі. Расследаванне

Пракурор патрабуе пакараць Ксенію Луцкіну на 8 гадоў пазбаўленне волі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!