НЕ - ВАЙНЕ!
1852

Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» № 4 (70)

05.12.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

жнівень–кастрычнік 2022 года. Спампаваць PDF

Беларускіх журналістаў па-ранейшаму пераследавалі за прафесійную дзейнасць; скарачалася прастора для функцыянавання незалежных СМІ.

  • 32 медыяпрацаўнікі знаходзіліся ў зняволенні на канец кастрычніка.

  • Было вынесена 9 прысудаў па крымінальных справах – журналісты атрымалі тэрміны пазбаўлення волі ад 3 да 14 гадоў. Новыя крымінальныя справы распачатыя ў дачыненні да пяці журналістаў.

  • Журналісты зазналі затрыманні, прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці і іншыя віды ціску.

  • Антыэкстрэмісцкае заканадаўства, як і раней, з'яўлялася зброяй барацьбы з незалежнай прэсай – перш за ўсё як нагода для блакіроўкі доступу да анлайн-СМІ і прыцягнення да адказнасці за распаўсюд інфармацыі. Першая крымінальная справа па новым артыкуле Крымінальнага кодэкса 130-2 (адмаўленне генацыду беларускага народа) была распачатая ў сувязі з публікацыямі ў незалежных СМІ.

  • У выніку палітыкі ўладаў працягвалася скарачэнне незалежных крыніцаў інфармацыі ўнутры Беларусі – яны вымушана спынялі сваю дзейнасць.

  • Дзейнічае цэнзура ў дачыненні да публікацыяў СМІ, уключаючы дзяржаўныя.

Крымінальны пераслед журналістаў

3 жніўня Гомельскі абласны суд прысудзіў журналістцы польскага тэлебачання, былой супрацоўніцы тэлеканала «Белсат» Ірыне Слаўнікавай пяць гадоў пазбаўлення волі па двух крымінальных артыкулах: па частцы 1 артыкула 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і частцы 1 артыкула 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання ці ўдзел у ім)[1].

6 верасня Брэсцкі абласны суд прызнаў экс-журналістку БелТА Іну Можчанка вінаватай у абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса) і распальванні сацыяльнай варожасці (частка 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса) і прысудзіў ёй тры гады калоніі строгага рэжыму з адбываннем пакарання на агульным рэжыме. Іна Можчанка была затрыманая ў верасні 2021 года ў сувязі з яе негатыўным выказваннем пра загінулага супрацоўніка КДБ у сацсетках[2].

14 верасня журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына асудзілі ў закрытым працэсе па двух артыкулах: 365 (умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў) і 356 (частка 1) (дзяржаўная здрада). Камітэт дзяржаўнай бяспекі абвінаваціў журналіста ў супрацоўніцтве з украінскай выведкай – украінскімі дыпламатамі. Ён быў асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі і аштрафаваны на 4800 рублёў. Ён таксама павінен выплаціць кампенсацыю дзевяці пацярпелым у памеры 2000 рублёў кожнаму. Хто гэтыя пацярпелыя, грамадскасці невядома. Увогуле журналіст павінен заплаціць больш за 9000 долараў[3].

28 верасня Мінскі гарадскі суд агучыў прысуд па справе экс-журналісткі Белтэлерадыёкампаніі, лаўрэаткі дзяржаўных прэміяў за дасягненні ў прафесіі Ксеніі Луцкіной – восем гадоў пазбаўлення волі. Яна была затрыманая 22 снежня 2020 года, у адзін дзень з супрацоўнікамі беларускага «Прэс-клуба». Першапачаткова іх усіх абвінавачвалі ў нявыплаце падаткаў, а пасля таго, як справу «Прэс-клуба» зачынілі і выпусцілі ўсіх яго фігурантаў, якія напісалі прашэнне пра памілаванне, Луцкіной было прад'яўленае новае абвінавачанне – змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (артыкул 357 Крымінальнага кодэкса), матываванае тым, што яна «ўзначаліла групу інфармацыйнага забеспячэння і супрацьдзеяння дзяржаўным СМІ» ў Каардынацыйнай радзе беларускай апазіцыі[4].

6 кастрычніка, пасля чатырох месяцаў слуханняў у закрытым рэжыме, завяршыўся суд па справе БелаПАН (незалежнага інфармацыйнага агенцтва, якое было разгромлена сілавікамі ўлетку 2021 года і пазней прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем»). Медыяменеджару Андрэю Аляксандраву прызначылі 14 гадоў калоніі, яго жонцы Ірыне Злобінай – 9 гадоў, былому дырэктару агенцтва БелаПАН Дзмітрыю Наважылаву – 6 гадоў, галоўнаму рэдактару і дырэктару БелаПАН Ірыне Леўшынай – 4 гады:

  • Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну абвінавачвалі па частцы 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ў падрыхтоўцы «не менш за 260 асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (так следства трактавала аплату імі штрафаў, рахункаў за паслугі адваката і да т.п. для людзей, якія ўдзельнічалі ў поствыбарных пратэстах);

  • іх жа абвінавацілі па частцы 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) за садзейнічанне фонду ByHelp у дзейнасці, «накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»;

  • Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава і Ірыну Леўшыну абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання з ліку працаўнікоў БелаПАН і іншых асобаў, а таксама ў кіраўніцтве такім фарміраваннем па частцы 1 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса;

  • Андрэя Аляксандрава і Дзмітрыя Наважылава – ва ўхіленні ад выплаты падаткаў БелаПАН па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (у Следчым камітэце заяўлялі, што супрацоўнікі БелаПАН нібыта ўхіліліся ад выплаты падаткаў на 449 тысячаў рублёй за шэсць гадоў і атрымалі схаванае фінансаванне ад замежных арганізацыяў на суму ў 1,6 млн долараў з 2014 года)[5].

Мінскі гарадскі суд 26 кастрычніка агучыў прысуд галоўнаму рэдактару анлайн-выдання «Штодзённік», журналісту-расследавальніку Сяргею Сацуку. Ён быў асуджаны да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, бо быў прызнаны вінаватым у атрыманні хабару ў буйным памеры (частка 2 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса), перавышэнні службовых паўнамоцтваў (артыкул 426), а таксама ў распальванні сацыяльнай варожасці (артыкул 130)[6].

27 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе журналіст Алесь Любянчук, які раней супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат», быў прызнаны вінаватым па артыкуле 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання ці ўдзел у ім) і асуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі[7].

Працягваўся крымінальны пераслед журналістаў – заведзены новыя крымінальныя справы

Іван Мураўёў, журналіст, аператар і фатограф, быў затрыманы 29 жніўня ў Мінску супрацоўнікамі Следчага камітэта, пасле чаго яму было прад'яўленае абвінавачанне па частцы 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні). Журналіст знаходзіцца ў СІЗА[8].

14 верасня ў Гомелі быў затрыманы журналіст Яўген Меркіс. Першапачаткова паведамлялася, што ягоная справа датычыцца нібыта заклікаў да санкцый. Пазней стала вядома, што журналісту прад'яўленае абвінавачанне па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці)[9].

Журналістам-супругам Аляксандру Лычаўку і Сняжане Інанец, затрыманым 6 кастрычніка, былі прад'яўленыя абвінавачанні па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) у сувязі з удзелам у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і падпіскай на «дэструктыўныя» Тelegram-каналы[10].

Супраць Дзмітрыя Семчанкі, былога супрацоўніка АНТ, завялі крымінальную справу аб распальванні варожасці (частка 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса). 16 верасня ён быў затрыманы і двойчы асуджаны да адміністрацыйнага арышту, пасля чаго яму было прад'яўленае абвінавачанне. У жніўні 2020 года Семчанка звольніўся з тэлеканала АНТ, дзе ўзначальваў прэзідэнцкі пул журналістаў, у знак пратэсту супраць гвалту[11].

У жніўні журналісту і актывісту Саюза палякаў Анджэю Пачобуту прад'явілі новае абвінавачанне, акрамя першапачатковага абвінавачання ў «распальванні варожасці» (артыкул 130 Крымінальнага кодэкса). Яму дадаткова інкрымінавалі «заклікі да абмежавальных мераў (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» (артыкул 361 Крымінальнага кодэкса)[12].

Ціск на журналістаў і медыя

За тры месяцы БАЖ зафіксаваў 13 затрыманняў і 12 вобшукаў, якія закранулі журналістаў; 8 разоў журналістаў асуджалі да адміністрацыйных арыштаў і адзін раз да штрафу. Акрамя таго, прадстаўнікі сілавых ведамстваў выклікалі журналістаў для апытання, наведвалі дамы журналістаў, якія з'ехалі з Беларусі[13].

23 жніўня рэдактар сайта «Народныя навіны Віцебска» Сяргей Серабро быў выкліканы ў Віцебскі абласны аддзел ГУБАЗіК (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў), дзе на працягу гадзіны яго апытвалі, а затым узялі пісьмовыя тлумачэнні наконт асвятлення пратэсных шэсцяў пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе[14].

Масіраваны пераслед зазнала незалежнае інтэрнэт-выданне «Бабруйскі кур'ер» і яго галоўны рэдактар Анатоль Санаценка. У сярэдзіне верасня ён быў затрыманы і двойчы асуджаны да адміністрацыйнага арышту. У яго і яго калегаў прайшлі вобшукі і была канфіскаваная тэхніка. 19 верасня быў заблакаваны сайт «Бабруйскаго кур'ера», а 26 верасня суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска прызнаў ягоны кантэнт «экстрэмісцкімі матэрыяламі». 6 кастрычніка ў Telegram-канале мясцовага дзяржаўнага радыё «ЗефірFM» з'явіўся пяціхвілінны сюжэт пра газету «Бабруйскі кур'ер» і яе супрацоўнікаў, тэкст у якім чытаў галоўны рэдактар праўладнай газеты «Бабруйскае жыццё» Мікалай Сілкоў. Асноўная ўвага ў сюжэце надавалася Анатолю Санаценку, які ў той час адбываў адміністрацыйны арышт. Яго, у прыватнасці, бяздоказна абвінавачвалі ў выпрошванні грошай у ЗША і Германіі, публікацыі «фэйкаў» пра тэракт у мінскім метро і сувязях з тэлеканалам «Белсат» (прызнаным «экстрэмісцкім фарміраваннем»)[15].

У канцы кастрычніка быў затрыманы Андрэй Фамін, які прызнаў, што быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі пратэсных газетаў «Веснікі», якія выдаваліся і распаўсюджваліся актывістамі лакальных ініцыятыў (у сакавіку 2022 года яна аб'ядналася ў газету «Беларускі веснік»)[16].

Ужыванне антыэкстрэмісцкага заканадаўства

26 жніўня 2022 года супраць анлайн-медыя «‎Флагшток» і ‎Zerkalo.io была распачатая першая ў краіне крымінальная справа па новым артыкуле 130-2 (адмаўленне генацыду беларускага народа). Прычынай стала публікацыя, у якой сцвярджалася, што на адной з мапаў Гомеля, апублікаванай на сайце мясцовых уладаў, ёсць паметка пра месца масавых пахаванняў ахвяраў палітычных рэпрэсій 1937 года, пры гэтым, паводле версіі пракуратуры, у дадзеным пахаванні знаходзяцца ахвяры нацыстаў. Праз некаторы час «‎рэзанансная» мапа была выдаленая, а супраць двух СМІ распачатая крымінальная справа[17].

Ваеннаму эксперту Ягору Лебядку, якога затрымалі ў Смалявічах 13 ліпеня і спачатку арыштавалі на 15 сутак, было прад'яўленае абвінавачанне ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці за каментары для «Еўрарадыё» (прызнанага «экстрэмісцкім фарміраваннем») па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса. У кастрычніку праўладныя крыніцы паведамілі, што супраць яго была заведзеная яшчэ адна крымінальная справа па прызнаку паўторнасці (нібыта «інтэрв'ю экстрэмістам утварае асобны склад злачынства»). Верагодна, гаворка вядзецца пра частку 2 таго ж артыкула. Пры гэтым Лебядок быў затрыманы за тыдзень да таго, як радыёстанцыя атрымала статус «экстрэмісцкага фарміравання»[18].

Працягвалася ўключэнне сайтаў і старонак у сацсетках, якія належаць незалежным выданням, у пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў, а іх супрацоўнікаў, якія знаходзяцца пад следствам і асуджаныя па пэўных крымінальных справах, – у спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».

«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» былі прызнаныя «люстэркавы» сайт і сацыяльныя сеткі выдання «‎Хартыя’97», група ў Facebook і YouTube-канал выдання Hrodna.life, сайт «‎Барысаў-інфа», старонка ў «‎Аднакласніках» выдання ‎EX-PRESS.BY, Telegram-чат і сацыяльныя сеткі выдання «‎Флагшток», Telegram-каналы «Медыя-Палессе» і «‎Першы Рэгiён», сайт «‎Бабруйскага кур'ера», а таксама канал «‎ТОК | TALK», які належыць выданню «‎Наша Нiва» і на якім публікуюцца інтэрв'ю з чальцамі грамадзянскай супольнасці. Таксама ў спіс патрапілі два сайты польскай радыёстанцыі PolskieRadio. Пад забарону патрапіў сайт, што публікуе стужку рэгіянальных навінаў, якія можна ўбачыць у беларускім сегменце Telegram, пры гэтым не падпісваючыся на самі каналы. Да «экстрэмісцкіх матэрыялаў» быў аднесены відэаролік Беларускага расследавальніцкага цэнтра пра «справу артапедаў», Telegram-канал экалагічнай арганізацыі «‎Экадом» і навінавы сайт «‎Зялёны партал»[19].

«Экстрэмісцкімі фарміраваннямі» паводле рашэння МУС стала «група грамадзянаў, аб'яднаных пры дапамозе інтэрнэт-сайтаў, Telegram-каналаў і сацыяльных сетак інфармацыйнага рэсурсу “Хартыя’97”», а таксама «група грамадзянаў, аб'яднаных у тым ліку пры дапамозе Telegram-чата “Белсатаўшчына”», верагодна, звязанага з тэлеканалам «‎Белсат». Да «асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» былі аднесеныя журналістка Кацярына Андрэева і філосаф Уладзімір Мацкевіч[20].

КДБ уключыў у лік «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» Анджэя Пачобута, журналіста і аднаго з лідараў Саюза палякаў Беларусі, а таксама былых супрацоўніцаў TUT.BY, якія знаходзяцца пад следствам: галоўнага рэдактара Марыну Золатаву, дырэктара Людмілу Чэкіну, журналістак Вольгу Лойку і Алену Талкачову[21].

Абмежаванне доступу да інфармацыі

Перыяд адзначыўся ўнясеннем зменаў у працэдуру блакіроўкі непажаданых сайтаў, а таксама ў арганізацыю доступу спецслужбаў да кантэнту інтэрнэт-рэсурсаў.

23 верасня была апублікаваная пастанова Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце (ААЦ) (набыла моц праз месяц пасля яе афіцыйнага апублікавання). Калі раней інтэрнэт-правайдары правяралі спіс абмежаванага доступу адзін раз у дзень, то цяпер яны абавязаныя рабіць гэта кожныя тры гадзіны на працягу дня і абмяжоўваць доступ да таго ці іншага «забароненага» інтэрнэт-рэсурсу на працягу чатырох гадзінаў з моманту ўнясення ў спіс[22].

18 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 368 «Аб узаемадзеянні аператараў электрасувязі, пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў з органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць», які прадугледжвае стварэнне спецыяльнай інфармацыйнай сістэмы электроннага ўзаемадзеяння са спецслужбамі. У якасці тых, хто можа сачыць за карыстальнікамі, вызначаныя ААЦ і КДБ. Калі раней сачэнне ў рэжыме рэальнага часу вялося толькі за карыстальнікамі аператараў электрасувязі, то цяпер яно стане абавязковым для пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў. Тыя з іх, якіх вызначаць ААЦ і КДБ, будуць абавязаныя ў трохмесячны тэрмін зарэгістравацца ў сістэме і настроіць свае рэсурсы для бесперашкоднага доступу сілавікоў у рэжыме анлайн[23].

Працягваліся блакіроўкі незалежных анлайн-СМІ і сайтаў грамадскіх арганізацыяў. Так, былі заблакаваныя сайты выданняў «‎Вячэрні Бабруйск», «‎Бабруйскі кур'ер», «Народная Воля», CityDog.io, навінавыя сайты belprauda.соm і s13.ru, сайт «Польскага радыё», сайт экалагічнай накіраванасці «‎Зялёны партал», а таксама сайт праваабарончай ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць», «люстэрка» сайта Беларускай асацыяцыі журналістаў[24].

Сайт навінаў пра Мінск і Беларусь ‎Blizko.by быў часова заблакаваны па рашэнні Міністэрства інфармацыі з-за ўзгадвання ў адной з публікацыяў блогера Антона Матолькі, уключанага ў пералік «‎тэрарыстаў». Пасля разблакавання на сайце зніклі палітычныя навіны, у тым ліку архіўныя[25].

Сацыяльная сетка «УКантакце» заблакавала шэраг старонак і групаў беларускіх незалежных СМІ – «Хартыі’97» і «Флагштока» паводле скаргі Міністэрства інфармацыі Беларусі, «Люстэрка» і беларускай «Медыязоны» – па патрабаванні Генеральнай пракуратуры Расіі[26].

З 1 жніўня спыніў вяшчанне тэлеканал «БелБізнесЧэнэл», паведаміўшы пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook без указання прычынаў. Гэта быў адзіны ў Беларусі тэлеканал пра бізнес, пабудаваны на рэтрансляцыі праграмаў расійскага тэлеканала РБК і здымцы ўласных праграмаў на беларускую тэматыку[27].

22 верасня выйшаў апошні нумар газеты «УзГорак». Па не паведамленых публічна прычынах рэдакцыя вырашыла прыпыніць выхад друкаванага выдання пасля 12 гадоў працы[28].

Падзеі ў дзяржаўным медыясектары

26 жніўня міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў заявіў, што досвед стварэння медыяхолдынга ў Мінскай вобласці будуць укараняць ва ўсіх рэгіёнах краіны, бо «сёння гэта адзіная магчымасць утрымаць ва ўмовах трансфармацыі аўдыторыю сваіх раёнаў». Маецца на ўвазе стварэнне ўзбуйненых рэдакцыяў для раённых дзяржаўных газетаў з цэнтральным кіраваннем і адзінай рэдакцыйнай палітыкай[29].

Адыёзныя беларускія прапагандысты зазналі абмежаванні з боку кампаніі Apple, якая заблакавала доступ праз краму прыкладанняў App Store да Telegram-каналаў супрацоўніка СТВ Рыгора Азаронка і супрацоўніцы «Беларусь-1» Ксеніі Лебедзевай у сувязі з наяўнасцю «паклёпніцкага, дыскрымінацыйнага ці подлага кантэнту», і кампаніі Meta, якая заблакавала старонку Рыгора Азаронка ў Facebook.

Міністэрства інфармацыі Беларусі, якое пастаянна ініцыюе блакіроўку сайтаў незалежных СМІ, у адмысловай заяве назвала гэтыя дзеянні «удушэннем свабоды слова»[30].

Сталі вядомыя выпадкі жорсткай цэнзуры ў дзяржаўных СМІ.

Так, галоўны рэдактар барысаўскай раённай газеты «Адзінства» Кацярына Вараб'ёва была вымушаная звольніцца пасля таго, як яна ў інтэрв'ю праўладнаму блогеру паскардзілася на праблемы райцэнтраў[31].

На «Гомельскім гарадскім радыё» звольнілі некалькіх супрацоўнікаў, у прыватнасці радыёвядучых Арцёма Забірана і Яраслава Бычкоўскага. Іх абвінавацілі ў падтрымцы пратэстуючых у 2020 годзе, пасля таго як яны ў эфіры 11 кастрычніка павіншавалі з днём народзінаў расійскага незалежнага журналіста і відэаблогера Юрыя Дудзя (некалькі ягоных відэа былі прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»), а ў іх у сацсетках знайшлі крамольныя публікацыі[32].

Тэлеканал «Гродна Плюс» з гэтай жа нагоды прынёс выбачэнні гледачам: на тэлеканале паведамілі, што 11 кастрычніка інжынер відэамантажу выпусціла ў ранішні эфір архіўны запіс 2019 года рубрыкі «Асоба дня», дзе гаворка вялася пра Юрыя Дудзя. Тэлеканал выказаў падзяку тэлегледачам «за пільнасць», бо «падобнай інфармацыі не месца ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала»[33].

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!