НЕ - ВАЙНЕ!
658

Іспанія, Партугалія, Таджыкістан: высветлілі, дзе адпачываюць скандальныя прапагандысты

23.08.2022 Крыніца: Аўтар для Беларускай асацыяцыі журналістаў

Пасля двух гадоў зачыненых праз пандэмію межаў сёлета атрымалася пэўнае паслабленне для турыстаў — межы прыадчыніліся.

Але не для ўсіх грамадзян Беларусі. Напрыклад, прадстаўнікам сілавога блоку наогул загадалі здаць біяметрычныя пашпарты — каб ніякіх выездаў. Пэўныя цяжкасці з вандроўкамі за мяжу маюць і іншыя катэгорыі суайчыннікаў. Тыя ж супрацоўнікі дзяржаўных СМІ павінны «трымаць марку»: спіс «варожых краін» — гэта вам не жарты. Тым больш, што некаторым з іх Захад адказаў узаемнасцю і ўнёс у санкцыйныя спісы.

Дзе ж гэтым летам адпачывалі працаўнікі дзяржаўных СМІ? Сацсеткі захавалі ўсе самыя яскравыя моманты.

Ігар Тур

Журналіст, палітычны аглядальнік АНТ

Удзельнік праграм «Прапаганда», «Антыфэйк», «Галоўны.Тур», «Контуры» ды іншых, як мы ведаем, выступае прапагандыстам рэжыму Лукашэнкі.

Ігар трапіў у шосты пакет санкцый Еўразвязу разам з Гладкай і Азаронкам.

Носьбіт медаля Францыска Скарыны, які атрымаў ад Лукашэнкі «за прафесіяналізм і асабісты ўнёсак у развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і нацыянальнай журналістыкі», у чэрвені адпачыў у Егіпце.

Праўда, верыфікаваць ногі Тура складана, з пяцізоркавым гатэлем BARCELO TIRAN SHARM у Шарм-Эль-Шейху гэта было зрабіць значна прасцей.

Пасля адпачынку ў краіне пірамід, Ігару прыйшла ў галаву «светлая думка», якой ён падзяліўся на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Если бы у меня была возможность запретить что-то одно людям во всём мире на их же благо — я, не раздумывая, запретил бы всем людям в мире писать комментарии в интернете. Даже пожертвовав возможностью прочесть от людей со временем «спасибо» за это решение в комментариях».

Думаецца, што людзі ва ўсім свеце, хутчэй, сказалі б «дзякуй», калі б выкрывальныя каментары ад аглядальнікаў забаранілі на тэлебачанні, а глядачам далі права самастойна рабіць высновы.

Аляксей Дзермант

Публіцыст, палітычны аглядальнік, галоўны рэдактар партала imhoclub.by

А яшчэ аўтар праграмы «Дзермант.Смыслы» на СТБ, у якой горача заклікае прыкласці ўсе намаганні, каб «излечить украинцев от нацизма, вернуть им здравый рассудок, вернуть Украину в нашу славянскую семью».  

Прыкметныя і іншыя заклікі Дзерманта. Вось толькі некаторыя з іх: «зачысціць Акадэмію навук ад нацыяналістаў, якія падтрымліваюць святкаванне ўтварэння БНР», «заняцца чысткай пятай калоны», «забараніць бела-чырвона-белы сцяг», «беглым» шчыра пакаяцца і вярнуцца».

А вось як адрэагаваў Дзермант на прапанову асобных краін Еўразвязу не выдаваць турыстычныя візы расейцам і беларусам.

«Вы там уже совсем охренели, европейские небожители? Именно поэтому я ввёл против них персональные санкции ни рубля не потрачу на визы и поездки к ним. Пусть лучше вместо русских к ним едут наши ближневосточные и африканские друзья, чтобы привести этих оборзевших расистов в чувство», — напісаў Дзермант на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Што ж, пацан сказаў — пацан зрабіў!

Лета аглядальнік правёў, судзячы па фота, у Азіі. Свае рублі Дзермант пакінуў у Таджыкістане, Кыргызстане ды Казахстане.

Але нават адпачынак на Ісык-Кулі не перашкаджаў думаць пра зверхзадачу сучаснага этапу — «пачаць інтэграцыю краін былой Мангольскай імперыі, каб мінімізаваць уплыў Захаду і Еўропы на іх».

Максім Осіпаў

Літаратар, аўтар публікацый на sb.by

Пазіцыя Осіпава, без сумневаў, прарасейская. Расія для яго — гэта «матушка» і «супердержава».

Нягледзячы на тое, што, паводле яго ж прызнання ў Фэйсбуку, пералаяўся з украінскімі родзічамі і зараз не мае з імі зносінаў (акрамя адзінага брата), працягвае распавядаць пра зладзейскі рэжым ва Украіне і падтрымлівае «святое решение России искоренить фашизм».

А яшчэ Максім Осіпаў вельмі любіць паразважаць пра свабоду слова на Захадзе, якая, на яго думку, задушаная, пра бесчалавечнасць і фашызацыю нашых суседзяў.

Таму зразумела, чаму свой адпачынак Осіпаў зараз праводзіць у «звышдзяржаве», дакладней — у Санкт-Пецярбургу.

Першая экскурсія Осіпава — у Фінскі заліў. Хоць здалёк і адным вокам паглядзець, як «фашызуецца» і «загнівае» Захад. Потым будзе што распавесці чытачам «СБ».

Марыя Петрашка

Палітычны аглядальнік АТН Белтэлерадыёкампаніі, рэдактар аддзела замежнай інфармацыі

Марыя Петрашка пасля падзей 2020 года стала адной з галоўных вядучых БТ. Чаго толькі не пачуеш у праграмах гэтай аглядальніцы: «спецаперацыя па абароне Данбаса цалкам адпавядае міжнароднаму праву», «у Еўропу вяртаецца сярэдневечча», «Расія спыніць аднапалярны бандыцкі светапарадак» і гэтак далей. Асобныя выказванні нават і не назавеш працай сапраўднага палітычнага аглядальніка, больш падобна на рэплікі «канапных экспертаў». Але ж новы твар БТ сваё ўспрыманне свету ў вывераных прапагандысцкіх клішэ ва ўсю вяшчае з экрана і посціць на сваіх старонках у сацсетках.

Мяркуючы па іх, можна зрабіць высновы, што Пятрашцы гэтым летам было не да адпачынку. Але ўсё ж у Піцер яна зганяла, каб, паводле яе ж слоў, паглядзець парад ВМФ Расіі з набярэжнай.

Сваё захапленне расейскімі вайскоўцамі беларуская аглядальніца падмацавала словамі: «Сказать, что это мощь и сила - ничего не сказать. Не зря Россия, зная о замыслах Вашингтона и намерениях Киева ударить, ударила первой». Праўда, фотаздымкаў расійскай «моцы» Марыя не запосціла, мабыць, каб не сурочыць…

Павел Лазавік

Тэле- і радыёвядоўца, намеснік дырэктара інфармацыйнага і грамадска-палітычнага вяшчання Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё

Павел Лазавік не быў асабліва заўважаны ў распаўсюдзе наратываў беларускай прапаганды. Яно і зразумела, у ім жыве больш прадпрымальнік, чым медыйшчык. Сацсеткі Павел выкарыстоўвае не толькі, каб посціць фота, але і рэкламаваць свае паслугі — вядоўцы на мерапрыемствах, вяселлях, вечарынах.  

Але сваю пазіцыю «голас» дзяржаўнага радыё ўсё ж акрэсліў: «Журналістыка — гэта не «кветачкі нюхаць» і распавядаць пра новыя віды раслін, гэта заўсёды ствараць і не рабіць раз'яднанняў паміж людзьмі і народамі».

Асабліва Лазавіку падабаюцца новыя «лідары меркаванняў», якія з’явіліся на тэлебачанні пасля 2020 года.

Сапраўднымі журналістамі ён лічыць тую ж Марыю Пятрашку, Ігара Тура, Людмілу Гладкую, Ксенію Лебядзеву, — вядомых праваднікоў беларускай дзяржпрапаганды.

Толькі вось не зразумела, якім чынам гэтыя «лідары меркаванняў» аб’ядноўваюць — пакуль што атрымліваецца толькі раз’ядноўваць народы.  

Сам Павел Лазавік гэтым летам добра адпачыў. Трапіў у сапраўдную замежную вандроўку — быў у Іспаніі і Партугаліі.

Прычым у сакавіку яму таксама атрымалася адпачыць — у Арменіі.

Калі вы таксама сустракалі супрацоўнікаў беларускай дзяржпрапаганды ў краінах ЕС гэтым летам, дашліце спасылку на іх сацыяльныя сеткі нам на press@baj.by альбо tg @ProstaValancior :)

 

Чытайце яшчэ:

Уладзімір Зяленскі вёў відэазварот у «выжыванцы» ад беларускай майстрыхі

Палітвязню Андрэю Кузьнечыку дазволілі спатканьне з жонкай Алесяй

Літоўскі юрыст перадае інфрмацыю пра беларускія арганізацыі прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай?

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!