НЕ - ВАЙНЕ!
266

«Падчас практыкі давалі пісаць выключна пра заблукаўшых у лесе і тапельцаў»: з якімі праблемамі сутыкаюцца пачаткоўцы-журналісты

22.09.2022 Крыніца: Аўтар для Беларускай асацыяцыі журналістаў

Аўтар Беларускай асацыяцыі журналістаў з дапамогай рэсурсу Survio правёў апытанку сярод будучых медыйшчыкаў з Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, каб даведацца, што хвалюе студэнтаў, якія неўзабаве прыйдуць у прафесію. Адказы моладзі і іх каментары ў нашым матэрыяле.

«Студэнты ўтойваюць сваё месца працы, бо ніколі не ведаеш, які наступны інфармацыйны партал будзе прызнаны "экстрэмісцкім"»

На пытанне «Якія праблемы вас хвалююць у беларускай журналістыцы?» студэнты ў большасці адказалі наступнае:

 «Праблема свабоды слова ў беларускай журналістыцы»,

«Свабода слова і сумленнасць медыя, няздольнасць многіх людзей правільна і лагічна даносіць інфармацыю»,

«…Як па мне, асноўная праблема журналістыкі ў РБ — гэта адсутнасць свабоды слова. З гэтага і ўзнікаюць усе наступныя праблемы».

Для многіх пачаткоўцаў адсутнасць свабоды слова стала першай і асноўнай праблемай, якая цягне за сабой цэлы ланцужок: наяўнасць маніпулятыўных элементаў, прапаганда, жорская цэнзура і г. д. Маладыя людзі не жадаюць працаваць у дзяржаўных СМІ, бо ведаюць, што стануць усяго толькі часткай сістэмы па вытворчасці прапаганды.

 «Мяне не задавальняе, што давядзецца пісаць у асноўным артыкулы на замову, і меркаванне майго наймальніка будзе прысутнічаць у маім тэксце», — тлумачыць адна са студэнтак.

Студэнтам падаецца, што шукаць альтэрнатывы ў Беларусі бессэнсоўна, бо няма ўмоў для развіцця свабодных медыяў.

Таму толькі адзінкі з тых, хто адказваў на пытанні, збіраюцца пасля атрымання дыплома ісці працаваць у рэдакцыі. Большасць жа плануе сысці ў СММ ці рэкламу.

Практычна ўсе незалежныя СМІ пасля падзеяў 2020 года вымушаныя былі выехаць за мяжу. Гэта прыводзіць моладзь да наступнай праблемы: маладыя спецыялісты ўтойваюць сваё месца працы, бо ніколі не ведаеш, які наступны інфармацыйны партал будзе прызнаны «экстрэмісцкім».

Таксама, працуючы з-за мяжы, складана ствараць кантэнт пра Беларусь. Як напісаў адзін са студэнтаў: «Працую з-за мяжы. У сувязі з чым заўсёды не хапае візуала для матэрыялаў па тэме Беларусі (усе месцы працы экстрэмісцкія, фатографаў у Беларусі не хапае — баяцца пераследу). Як не хапае і карэспандэнтаў, таму вельмі адчуваецца адарванасць ад парадку дня ўнутры краіны».

Студэнты хочуць працаваць дыстанцыйна і без прывязкі да жорсткага графіка

Высветлілася, што многім складана працаваць менавіта праз неабходнасць стасункаў з людзьмі. Добрым прыкладам з'яўляецца расповед студэнткі трэцяга курса факультэта журналістыкі БДУ, якая пажадала застацца ананімнай:

«…Я праходзіла сваю першую практыку ў газеце. Практыкай засталася вельмі задаволеная, але было адно «але». Я амаль усе матэрыялы пісала пра тых, хто заблукаў у лесе, і тапельцаў. Каб даведацца нешта пра чалавека, што згубіўся, трэба патэлефанаваць у кучу ўстаноў, паразмаўляць з людзьмі, якія ў гэты момант працуюць і не гараць жаданнем з табой гутарыць. Пасля ты тэлефануеш тым, хто нешта пра гэта ведае. Яны з цяжкасцю і неахвотна расказваюць табе пра гэта фразамі: «Ну ўсё як звычайна, пажылы мужчына згубіўся. Нічога новага. Мы яго знайшлі». Пытаешся, як знайшлі, — «Ды звычайна, ішлі ды знайшлі». А табе з гэтага трэба скласці матэрыял. На гэтай практыцы я дзень маніторыла сайты розных «раёнак», але нічога цікавага не знайшла. І дзень страчаны, і матэрыялу няма. Калі скараціць усю маю гісторыю, то складана шукаць людзей, якія нешта ведаюць і захочуць табе расказаць».

Не ва ўсіх людзей ёсць жаданне адкрыта размаўляць з журналістамі. Прычын для гэтага можа быць шмат: элементарны недахоп часу, нежаданне афішаваць сваё меркаванне на публіку, недаверлівае стаўленне да журналістаў і г. д. Вялікая колькасць грамадзян у нашай краіне баяцца за сваю бяспеку і лічаць за лепшае заставацца ананімнымі альбо не даваць каментароў наогул.

Гэта прыводзіць да таго, што ў журналіста можа проста не быць матэрыялу для будучага артыкула.

Выклікаць цяжкасці можа таксама сам працэс зносін з людзьмі. Гэтая праблема актуальная не толькі для журналістаў, але і для іншых прафесій. Неабходны высокі ўзровень стрэсаўстойлівасці, каб захоўваць стабільны псіхалагічны стан.

«Мне не падабаюцца грэблівае стаўленне да журналістаў і вечнае ганенне з боку грамадства. Няма разумення, што калі журналіст задае пытанні, то ён робіць гэта без злога намеру. Я лічу, што свядомасць беларусаў вельмі кансерватыўная. Адкрытасць сёння не ў модзе», — дадае яшчэ адзін студэнт.

Абавязак сядзець у офісе рэдакцыі ў нязручным адзенні па восем гадзін у дзень і мець зносіны з людзьмі, якія табе непрыемныя, усё гэта прымушае некаторых супрацоўнікаў нервавацца. Да таго ж пандэмія COVID-19 прымусіла некаторых перагледзець сваё стаўленне да працы ў рэдакцыі.

Менавіта таму большасць студэнтаў жадаюць у будучыні працаваць дыстанцыйна і не быць прывязанымі да жорскага графіка.

Аднак застаюцца сярод моладзі тыя, каму не зусім прыемна працаваць дома ў поўнай адзіноце. Аматары размаўляць з калегамі, а таксама выязджаць на месца падзей і апытваць відавочцаў, аддаюць перавагу змешаннаму варыянту працы, калі ў рэдакцыю можна прыходзіць некалькі разоў на тыдзень. 

«Журналістыка пачала зводзіцца да таго, каб проста "рэрайціць" навіны»

У апытанцы шмат хто са студэнтаў зазначаў пра адчуванне, што дзейнасць сучасных журналістаў звялася да простага рэрайтынгу навін і вытворчасці інфармацыйнага шуму. 

«Калі куды і ісці, дык толькі ў сферу расследаванняў ці аналітыкі. Мне нецікава займацца капіпастам навін. Калі ўжо нешта і рабіць, дык гэта дакументальнае кіно ці расследаванні», тлумачыць свой выбар яшчэ адзін студэнт.

Аднак і тут некаторых пачаткоўцаў чакае расчараванне: інфармацыю ў Беларусі складана знайсці, бо ўлады абмяжоўваюць доступ да пэўнага роду інфармацыі, блакуюць шматлікія сайты.

«Асабіста для мяне самая вялікая праблема — гэта закрытасць інфармацыі ў Беларусі. У Расіі, напрыклад, куды прасцей знайсці інфу: адкрыты рэестры ды іншыя крыніцы, якія дапамагаюць у расследаваннях», дадае адзін з маладзёнаў.

Пры гэтым моладзь не губляе надзею на лепшую будучыню для беларускай журналістыкі. І разважае пра тэхналагічныя змены ў магчымасцях даносіць навіны да аўдыторыі ў будучым. Напрыклад ,адзін са студэнтаў выказаўся так: «Журналіст прафесія вечная, яна будзе неабходнай заўсёды. Цяпер мы можам атрымліваць інфармацыю з усяго свету за кароткія тэрміны. У будучыні тэхналогіі будуць развівацца, і журналісты змогуць, мінуючы экран смартфона, перадаваць інфармацыю адразу ў галовы людзей».

«Меркаванне старэйшага пакалення не заўсёды актуальнае»

Моладзь, якая жадае ў будучыні стаць журналістамі, спадзяецца на значныя змены ў стаўленні старэйшага пакалення да іх. Студэнты нагадваюць сваім папярэднікам, што журналістыка за апошнія гады зведала значныя змены, і таму меркаванне старэйшага пакалення не заўсёды актуальнае. Кансерватыўнасць поглядаў рэдактараў часам не дае магчымасці раскрыцца пачаткоўцам.

Актыўнае развіццё інтэрнета прывяло да развіцця новых форм падачы інфармацыі ў медыя. Напрыклад, структура вэб-тэкстаў адрозніваецца ад друкаваных СМІ, аднак многія прадстаўнікі «старой» журналістыкі да гэтага часу жывуць мінулым і спрабуюць вучыць пачаткоўцаў па правілах, многія з якіх маральна састарэлі.

На жаль, змяняць падыход да навучання некаторым выкладчыкам падаецца занадта складаным. Не ўсе гатовыя ісці ў нагу з часам і ў першую чаргу самім навучацца новым тэхналогіям і падыходам, каб пасля перадаваць іх будучым журналістам. Таму сярод студэнтаў нярэдка гучыць такое меркаванне: «Тэндэнцыі і падача ў журналістыцы вельмі хутка змяняюцца, таму не варта цалкам давяраць меркаванню выкладчыкаў».

Да крытыкі ад старэйшага пакалення моладзь імкнецца ставіцца рацыянальна: 

«Калі ёсць меркаванне і крытыка, гэта заўсёды важна. Аднак калі яна канструктыўная»,

«Мне цікава даведвацца чужыя думкі, важна слухаць запыты розных груп грамадства, але ставіцца да любой інфармацыі трэба крытычна»,

 «Гатовы прыслухоўвацца да крытыкі, але калі меркаванне не кансерватыўнае».

Чытайце яшчэ:

«Мастакі і дызайнеры нейкі час працавалі з бомбасховішчаў»: як станавілася на крылле медыя «Сойка»

Пракурор патрабуе пакараць Ксенію Луцкіну на 8 гадоў пазбаўленне волі

Журналіста Паўла Мажэйку прызналі палітвязнем

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!