НЕ - ВАЙНЕ!
331

"Пакаянныя" відэа: што яны парушаюць і як уздзейнічаюць на чалавека

26.09.2022 Крыніца: Вясна

У праўладных тэлеграм-каналах звычайнай практыкай стала публікаваць "пакаянныя" відэа з затрыманымі, на якіх, нягледзячы на прэзумпцыю невінаватасці, людзі вымушаныя даваць паказанні супраць сябе і раскрываць падрабязнасці свайго асабістага жыцця. "Вясна" паразмаўляла з юрыстам і спецыялісткай ў галіне псіхалогіі, каб разабрацца, якія нормы парушае запіс падобных відэа, якім чынам яны ўздзейнічаюць на ўдзельнікаў здымкі і тых, хто іх глядзіць, а таксама якое пакаранне можа чакаць тых, хто іх стварае.

Юрыст «Вясны» Павел Сапелка тлумачыць, што «пакаянных» відэа парушае адразу некалькі канстытуцыйных і міжнародных нормаў.

"Сам працэс здымкі і выкарыстанне відэазапісаў такога кшталту відэа парушаюць адразу некалькі нормаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. У першую чаргу — комплекс правоў чалавека, які затрыманы па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, бо менавіта такія людзі, як правіла, становяцца ахвярамі прымусовых здымак. Іх правы замацаваны артыкулам 14 МПГПП і ўключаюць у сябе права быць прадстаўленым абаронцам, не сведчыць супраць сябе, ведаць, у чым чалавек абвінавачваецца, паўстаць перад судом у максімальна кароткі прамежак часу.

Акрамя таго, прымус да ўдзелу ў такіх роліках — прамое парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, калі чалавек вымушаны ў непрацэсуальнай форме прызнацца ў здзяйсненні забароненых дзеянняў або агаварыць сябе ў здзяйсненні злачынства. Магчыма, з крымінальна-працэсуальнага пункту гледжання гэта было б не так важна, калі б у нас быў справядлівы і незалежны суд. Але, на жаль, гэтыя відэа прызнаюцца доказамі і выкарыстоўваюцца для абгрунтавання вынесеных прысудаў, хоць былі здабытыя непрацэсуальным шляхам. 

Прымус да ўдзелу ў такіх роліках парушае свабоду выказвання меркаванняў, бо гэтае права ўключае ў сябе не толькі выказваць сваё меркаванне, але і не выказваць яго, адмовіцца ад выказванняў адносна тых ці іншых пытанняў грамадска-палітычнага характару. Бо вельмі часта людзей прымушаюць выказацца не толькі адносна іх учынкаў, учынкаў блізкіх і сяброў, але і ў цэлым — з нагоды учынкаў асобных сацыяльна-палітычных груп. Акрамя таго, такія запісы — прамое ўмяшанне ў таямніцу асабістага жыцця, таму што людзей вымушаюць адкрываць непублічныя бакі свайго жыцця: прафесійныя пытанні, матэрыяльнае становішча, сэксуальную арыентацыю і гэтак далей.

Таксама відэа парушаюць права не падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму і зневажальнаму абыходжанню або катаванням. Бо нават калі на чалавеку няма бачных слядоў або да яго не ўжывалі жорсткія меры або катаванні, мы і людзі, якіх прымушаюць здымацца, выдатна разумеем, што адмова ад здымак можа пацягнуць гэта за сабой". 

Павел Сапелка ўпэўнены, што тых, хто прымушае людзей здымацца ў падобных відэа, можна прыцягнуць да адказнасці. Як мінімум — за службовае злачынства, кваліфікацыя ў гэтым выпадку будзе залежыць ад таго, якім чынам атрымлівалася згода на правядзенне запісаў, а таксама, хто рабіў здымку. Гэта трапляе пад кваліфікацыю арт. 426 Крымінальнага кодэкса. Таксама юрыст бачыць у гэтым злачынства супраць чалавечнасці, якое здзяйсняецца прадстаўніком дзяржавы. У такім выпадку тэрмінаў даўніны няма. 

Як гэта працуе з пункту гледжання псіхалогіі

Спецыялістка па псіхалогіі (у мэтах бяспекі эксперткі мы не прыводзім яе імя) упэўненая, што механізм запісу падобных відэа кладзецца на добрую глебу грамадстваў, у якіх становішча ў асяроддзі і прасоўванне па сацыяльнай лесвіцы залежыць ад таго, наколькі характарыстыкі чалавека лічацца прымальнымі.

"Запіс падобных відэа пачаўся ў Чачні, дзе існуе калектыўная адказнасць, — кажа спецыялістка. — Гэта хутка атрымала водгук і стала эфектыўным метадам ціску і кіравання: не трэба праходзіць праз суд і разбору, каб пазбавіць чалавека пазіцыі ў грамадстве, зламаць яго волю і рэпутацыю.   

Па-першае, гэта дыскрэдытуе самога чалавека, таму што разбурае межы «асабістага» і «публічнага», якія нам прышчапляюць з дзяцінства.  

Па-другое, выклікае страх у тых, хто гэта глядзіць, таму што чалавеку ўласціва падсвядома ідэнтыфікаваць сябе з кімсьці з «герояў» відэа. Атрымліваецца, у таго, хто глядзіць запіс, ёсць выбар: ідэнтыфікаваць сябе з ахвярай — гэта мяне цяпер распранаюць, мае фатаграфіі паказваюць, альбо з гвалтаўніком — што значыць, падтрымаць метады і ўладу ў надзеі, што мяне гэта не закране. Калі казаць пра другасныя наступствы, гэта блакуе актыўнасць грамадства, яно прывыкае да жорсткасці і не процідзейнічае ёй. Такая пасіўнасць — найлепшы варыянт для ўсіх кіраўнікоў".

Экспертка адзначае, што гэта разбуральная практыка, пасля якой чалавеку неабходная тэрапія і падтрымка, таму што фактычна гэтая сітуацыя раўнацэнная катаванням. На стан чалавека пасля запісу падобных відэа будуць уплываць многія фактары, магчыма развіццё ПТСР, які можа перарастаць у іншыя формы.

"Аднак людзі, якія прымаюць удзел у запісу падобных відэа без уласнай волі, сутыкаюцца з тымі ж наступствамі, што і ахвяры, — упэўненая спецыялістка. — Яны траўміруюцца як сведкі, да таго ж, разумеюць: калі ты як супрацоўнік не будзеш удзельнічаць у падобным — гэта пацягне за сабой не толькі страту працы, але і булінг і пагрозу самому стаць «героем» падобнага відэа. Людзей, якім зневажаць іншых дастаўляе задавальненне, не так шмат. У асноўным сістэма тлумачыць людзям, чаму яны павінны здзяйсняць гвалт: для выратавання жыццяў, агульнай бяспекі ад «ворагаў»".

Экспертка таксама адзначае, што з пункту гледжання псіхалогіі і філасофіі адказнасць ляжыць на тых, хто будуе і падтрымлівае сістэму, аднак не здымаецца з тых, хто непасрэдна выконвае загад.

"Аднак, як паказвае практыка, не ўсе панясуць адказнасць, — адзначае яна. — Калі паўкраіны саджае, а паўкраіны сядзіць, пакаранне ўсіх не памяняе сітуацыю: у турме толькі ўсё замацуецца, а працаваць будзе няма каму. Таму ў першую чаргу гэта адказнасць асоб, якія прымаюць рашэнне. У сувязі з гэтым заўсёды важна было працаваць з гамафобіяй, мізагініяй і гэтак далей, каб пазбавіць людзей, якія маюць прывілеі і ўладу, магчымасці рабіць такія спосабы эфектыўнымі".

Чытайце яшчэ:

Трымаюцца бадзёра, не губляюць надзеі: сабралі навіны ад калег-палітвязняў

Telegram дазваляе «зліваць» асабістыя звесткі дысідэнтаў па ўсім свеце. Вось як гэта адбываецца

Гродненская журналистка выпустила дебютный сборник «Домік добрай казкі»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!