НЕ - ВАЙНЕ!
484

Трымаюцца бадзёра, не губляюць надзеі: сабралі навіны ад калег-палітвязняў

26.09.2022 Крыніца: Аўтар для Беларускай асацыяцыі журналістаў

На сёння за кратамі беларускія ўлады трымаюць 31 журналіста. БАЖ звязаўся са сваякамі, сябрамі і калегамі большасці журналістаў-палітвязняў і даведаўся ад іх апошнія навіны.

Кацярына Андрэева

Вярхоўны суд пакінуў без зменаў пакаранне журналістцы “Белсата” Кацярыне Андрэевай — восем гадоў і тры месяцы пазбаўлення волі. Але фармулёўку абвінавачання скарэктавалі.

Замест “выдачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве” журналістку абвінавацілі ў шпіянажы. Апеляцыйную скаргу разглядалі ў закрытым рэжыме. Па словах сваякоў, лісты і бандэролі да Каці даходзяць.

Настрой у яе ўпэўнены: трымаецца, не губляе надзеі.

Неўзабаве чакаецца этапаванне ў калонію ў Гомелі.

Нагадаем, што Кацярыну Андрэеву асудзілі па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса: 342 — "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх" і 356 — "Шпіянаж".

Андрэй Кузнечык

Журналіст Андрэй Кузнечык асуджаны на шэсць гадоў паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса — "Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім". Адбываць пакаранне яго накіравалі ў магілёўскаю калонію. Напрыканцы лета журналіст меў спатканне з роднымі. 

Па іх словах, Андрэй спадзяваўся, што ў калоніі будзе хоць крыху камфортней, бо знябыўся па свежым паветры. Але вельмі не пашанцавала з надвор'ем. Казаў, што пачаўся кашаль: ці прастыў, ці алергія на гэты горад. 

Пры гэтым журналіст працягвае клапаціцца пра жонку і дзяцей, нагадвае, каб Яніну вадзілі на забаўкі, каб жонка адпачывала, каб у сына Мацвея была нейкая мужчынская кампанія час ад часу, пакуль таты няма. І нават у такіх умовах Андрэй знаходзіць час і натхненне для новых вершаў, каб перадаць дзецям хоць частку сваёй любові.

Ірына Слаўнікава

Па словах родных, асабліва ніякіх навін ад журналісткі "Белсата" Ірыны Слаўнікавай няма. Сядзіць у гомельскім СІЗА, чакае апеляцыю. Хоць сваякі не думаюць, што скарга нешта зменіць.

Са здароўем і настроем усе добра. Бандэролі  даходзяць. Лісты не ад усіх — толькі ад родных, ад самых блізкіх. Было некалькі спатканняў са сваякамі пасля прысуду. 

Нагадаем, што Ірыну абвінавацілі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса — "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх", і артыкуле  361-1 Крымінальнага кодэкса — "Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім". Вырак суда: пяць гадоў.

Аляксандр Любянчук

Аляксандра затрымалі сёлета 26 мая.

Як расказалі БАЖ блізкія Аляксандра, журналіст трымаецца добра, бадзёра. Чакае лістоў, паштовак, тэлеграм, грашовых пераводаў — любых спосабаў перадаць прывітанне.

Шмат чытае як беларускую літаратуру, так і сусветную. А яшчэ вельмі сумуе па беларускай прыродзе, да якой ён так прывязаўся, жывучы апошнія гады на вёсцы.

Сяргей Гардзіевіч

27 кастрычніка павінен выйсці на волю журналіст ганцавіцкага партала “Першы рэгіён” Сяргей Гардзіевіч.  Яго затрымалі 22 снежня 2020 года і абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: 369 — "Абраза прадстаўніка ўлады", 368 — "Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" і 188 — "Паклёп". Падыходзіць да завяршэння атрыманы тэрмін зняволення – адзін год і шэсць месяцаў.

Пра навіны Сяргея расказалі калегі. Па іх словах, лісты ён не атрымлівае, бо яго неяк прымусілі напісаць адмову ад атрымання карэспандэнцыі. Але амаль кожны тыдзень мае сувязь праз мэсэнджар з жонкай. За ўвесь час знаходжання за кратамі з роднымі не бачыўся.

Калегі думаюць пра тое, як дапамагчы Сяргею адаптавацца на волі. 

Валерыя Касцюгова

Журналіст, палітолаг і аналітык Валерыя Касцюгова — за кратамі больш за год. Па словах блізкіх, лісты даходзяць, але абмежавана. Пасылкі і перадачы дастаўляюць.

Настрой бадзёры, як заўжды.

У СІЗА Валерыя шмат чытае, аналізуе прапаганду, ладзіць лекцыі і заняткі проста ў камеры. 

Нагадаем, што яе затрымалі 30 чэрвеня 2021 года і прад’яўляюць абвінавачанні па артыкулах 361 і 357 Крымінальнага кодэкса. Адпаведна "Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" і "Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам".

Канстанцін Залатых 

Дырэктара газеты “Белорусы и рынок” Канстанціна Залатых затрымалі 18 мая 2022 года пасля ператрусу ў рэдакцыі.

Яму прад’яўляюць абвінавачанне па частцы 2 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса Беларусi — "Распальванне варожасці, спалучанае з гвалтам альбо здзейсненае службовай асобай". Санкцыя артыкула – ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.

Цяпер ён у СІЗА №1. Па словах родных, лісты ад сваякоў і яго лісты да сваякоў даходзяць, настрой нармальны. Ва ўсялякім разе, так піша сам Канстанцін і кажа яго адвакат. Колькі ўсё яшчэ працягнецца, невядома.

Анджэй Пачобут

Год і пяць месяцаў знаходзіцца пад следствам у СІЗА №1 гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут.

Яму прад’яўляюць абвінавачанні па крымінальных артыкулах 361 — "Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" і артыкуле 130 — "Распальванне варожасці".

Як расказалі родныя, значных навін няма. Адзінае: сваю справу ў 86 тамоў Андрэй не здолеў дачытаць да канца за месяц. Пасля прысуду родныя спадзяюцца на спатканні. Лісты даходзяць, але журналіст нічога не чакае і ні на што не спадзяецца. А вось трымаецца цвёрда. 

Людміла Чэкіна і Марына Золатава

На сёння за кратамі дзве прадстаўніцы TUT.BY – гендырэктар Людміла Чэкіна і галоўны рэдактар Марына Золатава. Яны – моцныя жанчыны і падтрымліваюць не толькі тых, хто сядзіць з імі, а нават тых, хто на волі, перакананыя сябры.

Па інфармацыі калег, Марына і Людміла — бадзёрыя, гатовыя трымацца да канца. За кратамі займаюцца спортам, самаадукацыяй. Лісты даходзяць часцей ад сваякоў. Але апошнім часам сталі прыходзіць іх лісты-адказы сябрам. Значыць, карэспандэнцыя ад сяброў таксама даходзіць. 

Золатава і Чэкіна былі затрыманыя 18 мая 2021 года. Ім прад’яўляюць абвінавачанне па артыкуле 243 Крымінальнага кодэкса — "Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў".

Дзяніс Івашын

13 гадоў і адзін месяц прысудзіў суддзя Валеры Раманоўскі гродзенскаму журналісту, пазаштатніку “Новага часу” Дзянісу Івашыну. Крымінальныя артыкулы: 365 — "Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў" і 356 — "Здрада дзяржаве". Пасля прысуду спатканне абавязковае, таму 15 верасня журналіст сустрэўся з роднымі. 

Па інфармацыі сваякоў, Дзяніс бадзёры, упэўнены, з аптымізмам глядзіць на ўсё.

Пра прысуд падчас сустрэчы амаль не ўзгадвалі, бо ён адразу сказаў, што гэта не мае значэння. Мяркуе, што хутка ён і ўсе астатнія палітвязні вернуцца дадому.

Бандэролі даходзяць, хоць часта затрымліваюць іх перадачу. З лістамі складаней. Але апошнія ўсе даходзілі. Цяпер адна праблема — без тлумачэння прычын забралі паліто. І Дзянісу ў холад няма ў чым на вуліцу выходзіць на штодзённыя шпацыры. А яшчэ, кажуць родныя, хацелася б вярнуць цішотку "Jaśka Haspadar" з іншымі рэчамі, якія забралі падчас ператрусаў у камеры. 

Павел Мажэйка

30 жніўня 2022 года затрымалі кіраўніка гродзенскага “Цэнтра гарадскога жыцця”, журналіста Паўла Мажэйку. На сёння родныя ведаюць няшмат. Нават дакладна не могуць сказаць нічога пра сутнасць справы Паўла.

Ад далёкіх сваякоў, у якіх праводзілі ператрус, даведаліся толькі нумар крымінальнага артыкула – 361-4 — "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".

Лісты ад вязня родным не даходзяць, хоць у камеру яму перадавалі ўсё неабходнае для перапіскі.

Па словах адваката, Павел пачувае сябе нармальна і, магчыма, знаходзіцца на прафілактычным уліку як палітычны. Разам з адвакатам журналіст будзе рыхтаваць пратэст аб змене меры ўтрымання.

Генадзь Мажэйка

Журналіст “Комсомольской правды” в Беларуси" Генадзь Мажэйка за кратамі амаль год.

Яго затрымалі 1 кастрычніка 2021 года. Вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады і распальванні варожасці. Пра Генадзя калегі ведаюць зусім мала. Кажуць, што ўвесь гэты час няма асаблівых зрухаў па справе журналіста.

Андрэй Скурко

Як кажуць родныя, журналіст “Нашай Нівы” Андрэй Скурко трымаецца вельмі добра, унутрана магутны, спакойны і нязломны.

І сваякі стараюцца яму адпавядаць.

Ён кажа: чым менш пускаеш у сябе абставіны, чым менш імі жывеш — тым лепей.

Сваякі ўдзячныя Андрэю за тое, што сочыць за сваім фізічным станам, за сваім здароўем. Яму ўдаецца трымаць узровень цукару ў крыві на належным узроўні, маючы інсуліназалежны дыябет.

Журналіст часам мае сувязь з жонкай і бацькамі. Бо тэлефанаваць і перапісвацца дазваляюць толькі з блізкімі сваякамі. Калі Андрэй стаў званіць па відэа, яго сын, якому 2 гады і 8 месяцаў, атрымаў магчымасць з ім камунікаваць не толькі праз вершыкі і паштоўкі, якія тата пастаянна яму дасылае, а наўпрост. Бацька і сын не бачыліся 14 месяцаў.

Цяпер Тамаш час ад часу просіць патэлефанаваць тату.

Малому тлумачаць, што гэтага зрабіць нельга, трэба чакаць званка. У сына шмат планаў на Андрэева вяртанне, якія ён з татам падчас званкоў абмяркоўваюць.

Нагадаем, што суд прысудзіў Андрэю Скурко два з паловай гады па артыкуле 216 Крымінальнага кодэкса — "Нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу".

Чытайце яшчэ:

Родная мова на польскіх хвалях. Гутарка з галоўнай рэдактаркай беларускай службы польскага радыё Ўнэт

Кіраўнік аўтамабільнага рэсурса av.by з’ехаў на Кіпр, каб не патрапіць пад мабілізацыю на фронт

"Нам не сорамна за гэтыя 20 год": літаратурны часопіс "Дзеяслоў" святкуе юбілей

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!